НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ САМАСВЯДОМАСЦЬ,

сукупнасць уяўленняў, пачуццяў і ведаў чалавека аб сваёй прыналежнасці да пэўнай нацыі. Першасныя элементы Н.с. складваліся яшчэ ў першабытным грамадстве. Фарміраванне Н.с. завяршаецца ў працэсе пераўтварэння народнасці ў нацыю на аснове ўсведамлення людзьмі свайго агульнага паходжання і непарыўнай сувязі з роднай зямлёй, адчування самабытнасці сваёй культуры, мовы, нацыянальнага характару, менталітэту, пачуцця агульнанац. салідарнасці. У структуры Н.с. арганічна ўзаемазвязаны рацыянальныя, ідэалаг., эмацыянальна-пачуццёвыя і нават ірацыянальна-містычныя элементы. Н.с. большасці народаў свету аформілася. на працягу 18—20 ст., калі ў выніку ўзмацнення кансалідацыі этнасац. супольнасцей, актывізацыі нац.-вызв. рухаў сфарміраваліся нацыі сучаснага тыпу (напр., англ., ням., франц., яп., амер.). На асаблівасці і тэмпы складвання Н.с. ўплываюць сац.-эканам., грамадска-паліт., этнакульт., канфесійныя, моўныя, полаўзроставыя і інш. фактары. Нац.-вызв. барацьба супраць каланіялізму ў шэрагу краін Азіі і Афрыкі ў 20 ст. прывяла да станаўлення развітых форм Н.с. значна раней за ліквідацыю феадальна-племяннога ладу жыцця. Паскарэнне росту Н.с. нярэдка абумоўлена ўзнікненнем рэальнай пагрозы культ. асіміляцыі, знешняй агрэсіі, каланізацыі краіны, фарсіраванай інтэрнацыяналізацыі і інтэграцыі. Паглыбленне Н.с. можа адыгрываць і станоўчую (у сэнсе спрыяння ўтварэнню нацыі і яе паспяховаму развіццю) і адмоўную (калі пачынае нарастаць нацыяналізм і шавінізм) ролю. Гіст. вопыт сведчыць, што пры інш. аднолькавых умовах узровень Н.с. найчасцей бывае больш высокім у адносна нешматлікіх народаў у параўнанні з буйнымі нацыямі. Н.с. знаходзіцца ў аснове пачуцця агульнадзярж патрыятызму, нац. гонару, любові да роднага народа, культуры, мовы, да сваёй Радзімы.

Н.с. жыхароў Беларусі ў старажытнасці была звязана з агульнасцю паходжання ад аднаго рэальнага або міфічнага продка, з адзінствам тэрыторыі пражывання, ладу жыцця, нар. звычаяў і абрадаў і інш. У больш позні перыяд (сярэднявечча, новы час) на асаблівасці этн. самасвядомасці беларусаў істотна ўплывала іх прыналежнасць да канкрэтных саслоўных, канфесіянальных, моўна-культ., лакальна-тэр. груп насельніцтва. Уласна Н.с. беларусаў аформілася адносна позна, прыблізна ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст, што было абумоўлена ўзмацненнем нац.-вызв. руху, актывізацыяй нац.-культ. жыцця і пачаткам складвання бел. нацыі. Спачатку больш высокі ўзровень Н.с. быў уласцівы прадстаўнікам творчай інтэлігенцыі, шляхце, заможнаму сялянству. У 1920-я г. яна ахапіла прадстаўнікоў усіх сац. катэгорый насельніцтва Беларусі. Гэтаму спрыялі палітыка беларусізацыі і спробы гарманізацыі міжнац. адносін. У наступныя дзесяцігоддзі развіццё Н.с. запаволена ў выніку ўзмацнення працэсаў асіміляцыі бел. грамадства. У сучасны перыяд паглыбленне Н.с. з’яўляецца важным сродкам самазахавання бел. нацыі і раскрыцця яе творчых магчымасцей у справе пабудовы свабоднага, дэмакр. і незалежнага грамадства.

Літ.:

Беларусіка = Albaruthenica. Кн. 2. Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Мн., 1993: Лыч Л.М. Беларуская нацыя і мова: Літ.-гіст. арт. Мн., 1994: Сміт Э. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі: Пер. з англ. Мн., 1995;

Дубянецкі С.Ф., Дубянецкі Э.С. Цяжкі шлях да адраджэння. Брэст, 1997.

Э.С.Дубянецкі.

т. 11, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)